Активная арт-площадка для презентации актуального беларуского и европейского искусства

Минск, ул. Октябрьская, 19
(открытие в скором времени)

+375 29 366 75 16
(временный номер)

Сябры галерэi
  • ADSL
  • Livejournal
  • Art Activist
  • Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры
  • Red Graphic
Выставы
01.12.2009 – 14.12.2009 | Марына Капілава

Запас на зіму

Якасных і разнастайных запасаў мастацкай прадукцыі ў Марыны Капілавай хопіць не на адну зіму і не на адну экспазіцыю: у гэтым зможа пераканацца кожны наведвальнік «Ў» галерэі, дзе з 1 па 14 снежня пройдзе выстава асноўных цяпер для аўтара кірункаў працы — друкаванай графікі і бронзавай скульптуры.

Асноўных, але не адзіных: разглядаючы манахромныя ажуры яе літаграфій і дасканала дэталізаваную (змацаваную, аднак, пластычна дакладным сілуэтам цэласнай формы) скульптуру, падазраеш мноства іншых спосабаў выяўлення бурнай крэатыўнасці аўтара. Так і ёсць — Марына Капілава цалкам універсальная ў тым, што датычыцца традыцыйных выяўленчых тэхнік, відаў, жанраў, паджанраў і г.д.: кераміка, мастацкі метал (ювелірная і дэкаратыўная пластыка), аўтарскія лялькі, станковая і кніжная графіка (літаграфія, пяро, аловак, акварэль), калаж, праца стыліста-пастаноўшчыка і дэкаратара ў фотапраектах, — напрыканцы спісу дарэчы толькі шматкроп’е… Не кажучы ўжо пра фактуру паўсядзённых паводзінаў і нават, не пабаюся гэтага пафаснага слова, — быцця аўтара, якое стылістычна гэтак жа шчыльна, як і гарманічна звязана з яго ж аўтарскай свядомасцю. З чаго, зразумела, вынікае маса праблем: слабая здольнасць да кампрамісаў, высокая планка крытэрыяў, некамфортная для многіх схільнасць без прамаруджвання канстатаваць «голасць» чарговага караля, які неасцярожна трапіў пад гарачую і цвёрдую руку літаграфіні і скульптарэсы.

Дык вось, што да запасаў: яны ўвесь час папаўняюцца. Экспазіцыя прэзентуе некалькі новых скульптур, якія працягваюць анімалістычна-метафарычную тэму, вядомую мінскаму гледачу яшчэ з даўняга праекта «Опытные образцы». Што датычыцца графікі, то дзякуючы супрацоўніцтву з Дзмітрыем Малатковым, дасведчаным майстрам-літографам, аркушы Марыны Капілавай у шэрагу выпадкаў унікальныя не толькі ў мастацкім, але і ў тэхнічным плане. Колькі працягнецца гэтая ні да чаго не падобная, амаль сярэднявечная творчая сітуацыя (значная для цэлага кола беларускіх і не толькі беларускіх мастакоў-графікаў), ніхто не ведае. Таму Маша з асаблівай руплівасцю стварае тут «запасы на зіму».

Назва выставы нясе метафарычны сэнс: усё тленна і крохка ў гэтым свеце. Надыходзіць зіма, паміранне сіл прыроды — а можа, і самой прыроды. Зіма — перапынак у руху, час ледзяных путаў. І тады спатрэбяцца запасы, што акумулююць святло і цеплыню, думку, перажыванне і майстэрства.

Маша — гэтак яна дазваляе называць яе сябрам — серыйны аўтар. Ухапіўшы дакладным рухам мімалётную тэму/нагоду/імпульс памаляваць-паляпіць, яна вычэрпвае пластычны матыў, сюжэт ці прыём да апошняй — напэўна? — кроплі (прынамсі, думка пра апошнюю кроплю ўзнікае) — паварочваючы так і гэтак, і вось так. Пакуль ёй падабаецца гэтая гульня — будзьма атрымліваць ад яе задавальненне. Запасацца на зіму.